АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ
(лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага),
і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)